РУС БЕЛ ENG

Таямніцы беларускай мовы ў школьнай бібліятэцы

15.02.2023

Паважаныя чытачы! Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы прапануем віртуальны бібліяграфічны агляд кніг серыі “Таямніцы беларускай мовы”. Серыя “Таямніцы беларускай мовы” была заснавана ў 2017 годзе з мэтай папулярызацыі вывучэння беларускай мовы сярод малодшых школьнікаў. Гэтыя кнігі зацікавяць ўсіх, хто хоча праверыць і палепшыць сваё валоданне роднай мовай. Кожная кніга серыі – своеасаблівы квэст з карыснай інфармацыяй і займальнымі заданнямі. На працягу лютага ў школьнай бібліятэцы працуюць кніжная выстава “Цудоўны свет казак” і кніжная паліца “Таямніцы беларускай мовы”.

 

С.В. Зелянко “Беларуская мова сярод моў свету”

З кнігі серыі «Таямніцы беларускай мовы» маленькія беларусы даведаюцца, адкуль пайшла наша родная мова, якое месца яна займае сярод моў свету, з якімі мовамі мае сваяцкія стасункі. Падчас чытання дзеткі будуць спасцігаць асновы мовазнаўства, вучыцца паважаць родную мову і мовы іншых народаў. Выданне ўтрымлівае рознабаковыя звесткі, а таксама займальныя заданніі.

 

Зелянко С.В. “Этыкет па-беларуску”

З кнігі серыі «Таямніцы беларускай мовы» маленькія чытачы даведаюцца, як правільна прывітацца і развітацца па-беларуску ў залежнасці ад часу дня, як адказаць на падзяку або папрасіць кагосьці нешта зрабіць, якія моўныя канструкцыі ўласцівы роднай мове, а якіх лепш пазбягаць. Выданне змяшчае цікавыя звесткі з гісторыі этыкету, а таксама займальныя заданні.

 

Зелянко С.В. “Сцiслы аповед пра сцiплы знак: нацiск”

Націск — такі маленькі значок, але колькі моцы ён утрымлівае. Ад яго ў беларускай мове залежыць напісанне некаторых слоў, а таксама іх значэнне. Якая навука займаецца вывучэннем націску, якія маўленчыя адзінкі могуць мець націск, а таксама якія існуюць адметнасці націску ў беларускай мове — адказы на гэтыя пытанні кемлівы чытач знойдзе на старонках гэтай кніжкі.

 

Кажура В. “Слоўца да слоўца : амонімы для пачатковай школы”

Багацце нашай мовы, якое называецца Лексікай, – невычэрпная крыніца, якая дорыць словы-самацветы для стварэння незвычайных прыгод, карцін, замалёвак. Толькі варта вельмі ўважліва паставіцца да Слова. У кнізе сабраны невялічкія рыфмаванкі, якія дапамогуць пазнаёміцца, зразумець і засвоіць раздзел лексікі, які называецца амонімы – словы, што гучаць аднолькава, але маюць рознае значэнне. Калі цяжка будзе растлумачыць значэнне таго ці іншага амоніма, падказку можна знайсці ў “Тлумачальным слоўніку”.

 

 Зелянко С.В. “Літары-пярэваратні: аканне-яканне”

Развіццё мовы — гэта няспынны працэс, які адбываецца па сваіх правілах і законах. Існуюць такія і ў беларускай мове. Многія навукоўцы адзначаюць асаблівую мілагучнасць беларускай мовы, што з’яўляецца вынікам працэсаў акання і якання ў мове. Гэта кніга прысвечана арфаграфічным сакрэтам пераходу адных літар у іншыя і законам, якіх яны прытрымліваюцца.

 

Зелянко С.В. “Знаёмыя незнаёмцы: сакрэты літар”

Калі вы ніколі не запісвалі лічбы літарамі і не ведаеце, што некалі кожная літара алфавіта мела сваю адмысловую назву, тады самы час адправіцца ў падарожжа ў свет гэтых спецыфічных графічных знакаў. На старонках кнігі кемлівы чытач знойдзе шмат цікавай інфармацыі з гісторыі з’яўлення літар, іх напісання і ўжывання, а таксама дазнаецца, якія з іх асабліва ўшанаваны ў Беларусі.

поделиться в: